jpgМіні-музей "Беларуская хатка" - Ухвальская средняя школа им. А.С.Лукашевича Крупского района

Міні-музей "Беларуская хатка"

Зацікаўленасць гісторыяй роднага краю, абрадамі і звычаямі беларускага народа, любоў і павагу да сваёй мовы патрэбна выхоўваць з маленства. Маецца на ўвазе выхаванне ў першую чаргу спагадлівых, беражлівых адносін да свайго мінулага, зацікаўленасці ў набыцці гістарычных, краязнаўчых, этнаграфічных, моўных ведаў.
развернуть

Дзіця нараджаецца з натуральным, прыродным светаўспрыманнем, не падвержаным, не дэфармаваным тымі шматлікімі ўмоўнасцямі, якія набывае пад уплывам сацыяльнага асяроддзя пазней. Прыгожае слова, танец, святочна ўрачысты рытуал, дзеянне ўспрымаецца яго душой, сэрцам моцна і назаўсёды. Пры гэтым разам з прыгажосцю народнага мастацтва дзеці засвойваюць лепшыя нацыянальныя рысы нашага працавітага народа, улюбёнага ў свой родны куточак.  Гэта самы плённы шлях выхавання дзіцяці, няздольнага на зло, жорсткасць, непавагу да мінулага, да культуры і мовы свайго народа, да сваіх выхавальнікаў, настаўнікаў, бацькоў і дзядоў.

Фарміраванне духоўнасці немагчыма без ведання культуры свайго народа, адчування сябе яго часткай.

Вывучаючы спадчыну, мы далучаемся да нацыянальнай культуры. Ведаць сваю нацыянальную народную творчасць, родную мову, гісторыю і культуру – гэта значыць не парываць з вытокамі сваёй Айчыны, свайго народа. Народ, які не ведае і не хоча ведаць свайго мінулага, ніколі не будзе мець будучага.

Сёння педагогі ствараюць у дашкольных установах этнаграфічныя куткі, пакоі, музеі, праз якія прывіваюць любоў дзяцей да мінулага. Адны скажуць, што гэта толькі мода, а на самой справе, гледзячы на лапці, дашкольнік не адчувае ніякай гістарычнай сувязі паміж сабой і продкамі, мінулым сваёй вёскі, краю, Бацькаўшчыны.

У дашкольным узросце неабходна выклікаць у дзяцей пэўны эмацыянальны настрой пры знаёмстве з асобнымі з’явамі і падзеямі мінулага. Гэты добры настрой і зацікаўленасць гісторыяй свайго краю, абрадамі і звычаямі беларускага народа, мовы, на якой гаварылі нашы дзяды і прадзеды, з’явіцца тым падмуркам, які дазволіць набываць у далейшым усё больш змястоўныя веды.

У нашым дзіцячым садзе міні - музей пачаў стварацца даўно. Рэалізаваць ідэю стварэння кутка ўдалося  толькі ў 2010-2011 гадах. Два гады вялася мэтанакіраваная работа па збору прадметаў музейнага прызначэння.

У цяперашні час музей размешчаны ў асобным пакоі на другім паверсе будынка дзіцячага сада. Памеры пакоя – 12 м2. Музей асвятляецца дзвюма вокнамі. Уяўляе сабою пакой вясковай хаты з усім убраннем.

Куток “Беларуская хатка” быў створаны з мэтай адраджэння роднай мовы, культуры, абрадаў, нацыянальных традыцый, прывіцця падрастаючаму пакаленню цікавасці і павагі да матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, выхавання пачуцця патрыятызму і нацыянальнай годнасці.

У фондзе нашай хаткі знаходзіцца звыш 50 экспанатаў музейнага прызначэння. Асноўная маса экспанатаў – гэта натуральны прадукт, якімі карысталіся сяляне. Яны сабраны з розных мясцін Беларусі.

Асноўныя  напрамкі работы міні-музея “Беларуская хатка” :

- патрыятычнае выхаванне;

- эстэтычнае выхаванне;

- правядзенне мерапрыемстваў, звязаных з нацыянальнай культурай;

- правядзенне абзорных і тэматычных экскурсій;

- развіццё мовы дзяцей. 

Прыярытэтам выхаваўчых мэт нашага дзіцячага сада з’яўляюцца наступныя формы знаёмства з родным краем: гутарка, экскурсіі, ранішнікі, віктарыны.

Любоў да мінулага мы прывіваем таксама праз народную творчасць. Праводзім у вольны час розныя народныя гульні, забавы, святы.  

Выхавацелямі нашага дзіцячага сада распрацаваны і апрабаваны шэраг камбінаваных заняткаў, заняткаў-гульняў, забаў, свят, сярод якіх асаблівае месца займаюць фальклорна-этнаграфічныя святкаванні. Пры іх распрацоўцы выхавацелі імкнуцца захоўваць самабытнасць і традыцыйнасць, выкарыстоўваць народныя песні, гульні і абрады.

Традыцыйна беларускія святкаванні мы праводзім на беларускай мове, хоць і дзеці ведаюць яе яшчэ вельмі слаба. Але яны чытаюць вершы, спяваюць беларускія песні і прыпеўкі, адказваюць на пытанні і прывучаюцца чуць і разумець гутарковую мову.

Выхавацелі дзіцячага сада цесна ўзаемадзейнічаюць з бацькамі. Усім добра вядома, што Радзіма пачынаецца з роднага дому, а менавіта з сям’і. Сям’я – гэта дарослыя і дзеці, якія жывуць разам, любяць адзін аднаго і клапоцяцца адзін аб адным. Далучэнне да гісторыі сваёй сям’і выклікае ў дзіцяці моцныя пачуцці, застаўляе разам перажываць, уважліва адносіцца да памяці прошлага, да сваіх гістарычных каранёў. Бацькі не з’яўляюцца гасцямі нашага садка, а актыўныя ўдзельнікі адукацыйна-выхаваўчага працэсу. Менавіта ў дашкольным узросце, адбываецца фарміраванне самасвядомасці дзіцяці. Таму звычайнай з’явай сёння становіцца мэтанакіраванае ўздзеянне педагогаў і бацькоў на выхаванне пачуцця патрыятызму ў дзяцей.

Праца па выхаванню патрыятычных пачуццяў дазволіла дасягнуць наступных вынікаў: у дзяцей пашырыўся слоўнікавы запас, дзеці складаюць апавяданні, казкі, чытаюць вершы, палепшылася памяць, пашырыліся веды пра мінулае вёскі, сям’і, пра родны край.

У будучым плануем прадоўжыць работу па азнаямленню з родным краем, з гістарычнымі і культурнымі помнікамі, арганізоўваць сустрэчы з цікавымі людзьмі.

Калі мы не навучым дзяцей любіць сваю краіну, каму яна будзе патрэбна? Хто будзе радавацца яе поспехамі і жыць яе турботамі? Лёс Радзімы – у нашых руках.

  

свернуть